Home

Рэклама

«Сузорье» надзеі

  • 26 Кст 2009 at 1:08 AM

Легендарную кавярню, якая за БССР і да апошняга часу называлася «Сузор'е» (сама сабою даўшы назву небезвядомаму гурту), — адрамантавалі.
Значыцца, было «кафэ «Сузор'е», а зрабілася «кафе «Сузорье». Беларуская мова, канешне, спрадвеку пазычала суседнім гаворкам словы, але, здаецца, запазычаліся…
А, можа, літары Э і апастрофы знялі з вытворчасці? ;)

Адрэ(д)агаваў

  • 18 Кст 2009 at 1:33 AM

Мінск. Мікрараён «Усход». На муры ў арцы — «палітычнае графіці».
Зусім маленькі хлопчык здзіўлена:
— Мама, чаму «Белая Воля»? Белая Вежа!
Вось, і дзіцёнак зразумее: у народзе назва не прыжывецца.

Тры мінус адзін

  • 27 Крс 2009 at 12:57 AM

Тыдзень выпаў канцэртны.
У панядзелак — Filth Fest у Лёдавым палацы, які, на жаль, так і не адбыўся. У пятніцу — «Мельница» ў Orion'е, квіток на якую раптоўна атрымаў ад [info]delost за падарунак на Дзень нараджэння, і куды прыйшлося спяшацца пешкі ажно ад Другога кола. А ў нядзелю — Re1ikt i Re123+ у «Графіці». Што цікава, найбольшае задавальненне атрымаў з апошняга.
Жыўцом хлопцы гучаць нават прыемней, якасней і «чапляюць» нашмат больш, як у запісе. У іх (музыку :)) можна нават закахацца. (Хоць я не аматар / заўзятар ані пост-гранджу, ані дрону-гітарнага эмбіенту.)
P.S. Датычна «Мельницы», выступалі, канешне, цудоўна (усе гэтыя экскурсы ў джаз-рок, блюзавыя ноткі на арфе, авангардныя флейта і віяланчэль, феерычнае сола барабаншчыка), але… Ці то чакаў большага (хоць акурат згаданага і не чакаў), ці то проста стаміўся. Карацей, пэўна, не той вечар. :)

Асабліва — у інтэрнэце.
Слухаў кельцкую хвалю на радыё live365.com ды краем вока натрапіў на банер: You Can Make the World Difference. І адрас унізе — www.cia.gov.
Прапануюць шыкоўную кар'еру. :)

Міліцыя з народам!

  • 15 Жнв 2008 at 9:00 PM

Цуд: салдаты расійскіх унутраных войскаў носяць бел-чырвона-белыя цельнікі!
Так сцвярджае Вікіпедыя з спасылкай на сайт Міністэрства абароны РФ.
Праўда, колер вар'юецца з чырвонага ў «крапавы». Але гэта ўжо дробезі. Цяпер вядомы «рэвалюцыйны» ;) лозунг можна трансфармаваць у «Міліцыя Саюзнай дзяржавы і братоў-славянаў — з народам!». Саўмесна з губернатарам Cмаленскай вобласці…

Мазгавыя імпульсы

  • 28 Лют 2008 at 6:43 PM

Афіша Моладзевага тэатра эстрады ў Мінску заўсёды вылучалася крэатывам.
Аля “Жизнь в стиле Death. Также в программе комик-труппа «Доктор Юмор»”.
1 сакавіка ў тэатры пройдзе “металл концерт «Позитивные вибрации» открытие нового сезона «тяжелой» и альтернативной рок-музыки”.
«Месяц зблыталі?» — [info]delost.

Do ut des

  • 24 Лют 2008 at 9:07 PM

Абавязковым атрыбутам нашых крамаў неяк неўпрыкмет зрабіліся урны для ахвяраванняў на храм.
І акурат тут можна тое-сёе прыкмеціць.
— Мама, можно я Богу денюжку положу?
Мамуля выцягвае нейкую паперку і папярэджвае:
— Загадай желание!!!
Што гэта?
Культ Мамона? Наіўнае хрысціянства? Праваслаўны атэізм? Суперлато?

Няшчасце ў лесе?

  • 08 Лют 2008 at 9:18 PM

БелГазета
Даўно не чытаў «БелГазеты» і цяпер адкрываю новыя імёны.
У нумары 4 лютага з'явіўся рэпартаж «Уроки немецкого в филармонии». Першы ў газеце (як яе памятаю) інфармацыйны матэрыял пра класічную музыку! І нарэшце нешта падобнае на адэкватную музычную журналістыку. Што прыемна, — анішчэнту акадэмізму ў тэксце.
А пасля некаторыя музычныя аглядальнікі ў блогах беларускіх артыстаў будуць казаць, маўляў, глыбокі музыказнаўчы аналіз чытачу не патрэбны. Можа, заглыбокі і непатрэбны (дый тое сумнеўна), але нешта аля Арцём Варгафцік ці вось хоць бы Кірыла Барысенка (гэта [пакуль?] не параўнанне) — абавязкова.
Журналістыка = інфармацыя (навіна) = новая інфармацыя. У Барысенкі яна ёсць.
P. S. Няісны акорд Шонберга — гэта файна.
P. P. S. А звярыну ўсё адно шкада. Хоць… Дзеля такой справы…

Сёння ў «Катакомбах» на «паседжанні» «Дударскага клубу» святкавалі ажно тры дні народзінаў.
Анатоля Мільгуя — «журналіста, які больш за ўсіх піша пра беларускую дуду» і нават пачаў навучацца у яе граць (яму споўнілася пяцьдзесят), Юрася Панькевіча — «кіраўніка гурта Testamentum Terrae» і нейкай гітарысткі нейкага гурта. З гэтай нагоды «Стары Ольса» зладзілі віншавальны канцэрт.
Было весела. Асабліва пасля таго, як «Ольсы» працытавалі Deep Purple. Дзве дзяўчынкі здзіўлена-ўражана паглядзелі адна на адну, выгукнулі «Nirvana!!!», завішчалі і кінуліся танчыць.

Наўрад ці хто свядомы пагадзіўся б з гэтым летась ці пазалетась. Сёлета атрымалася. Быў і фэст, былі і еўра.
БТ, пэўна, давялося шчодра аплаціць еўрапейскую прысутнасць. Руслана, «Лордзі», турчанка. Але ж сабе, любімым, ніякіх грошай не шкада (бо інакш хто б глядзеў гэтае ТБ?). Зрэшты, было і людзям.
Фэст, канешне, зрабілі таксама «еўра»: Руслана і «Лордзі» (першая нават больш). Бядак Дзяніс Кур'ян ажно зніякавеў і раз-пораз разгублена азіраўся, калі нумар Русланы скончыўся авацыяй. Здалося, яшчэ крышку і замест «Украіна! Беларусь! Сяброўства!» яна выгукне ў простым эфіры «Жыве Беларусь!», а ў натоўпе ўзнімуцца адпаведныя сцягі :).
Турчанка выглядала на якасную поп-спявачку. Падольская прыгатавала неблагі стылёвы кампот кшталту модэрн-«Нірвана»-Праснякоў-Пугачова.
А вось Панаётаву заплацілі дарэмна. Спаборніцтвы а ля «хто большы ге… ну, няхай, геній і пажадлівы артыст, Я ці Джордж Майкл» заўсёды выйграе апошні. Зразумела, у Панаётава з Аляхно адны прадзюсеры. Але БТ-шнікі маглі б і ў простую трансляцыю рэкламу ўрэзаць.
Калі згадалі пра гімн «Еўрафэсту», сэрца сцялася. Няўжо зноў вайсковы аркестр і шэрагі багнетаў? Але Бог выбавіў. Пра астатняе чытайце [info]delost.
P.S. А песенька-«гімн» сапраўды файная. Спадзеямося, не кінуцца яе «творча ўдасканальваць».

68 Gott

  • 09 Стд 2008 at 1:23 AM

Gott MarriedПазаўчора ў Лас Вегасе ажаніўся Карал Гот.
Дзядуля, падобна, і цяпер папулярны і плённы (як быў у Празе, бачыў: бадай кожная музычная крама мае на продаж мінімум з паўтузіна ягоных дыскаў, прытым, далёка не савецкіх часоў :)) — ды не адно спявак! Але шлюбуе ўпершыню.
Ягонай жонцы Яне (Іване) — трыццаць адзін, ужо нажыла з Готам дачку і зноў цяжарная (падрабязна па-ангельску — тут і па-руску — тут). Дарэчы, яшчэ цікавостка: раней яна (Яна) сустракалася з Майклам Дугласам.
Хоць, канешне, цікавей даведацца б пра тое, чаму не ажаніўся раней. Мастацтва vs побыт?

На Каляды хоцькі-няхоцькі чакаеш цудаў.
Колькі гадоў таму акурат гэтым часам давялося выступаць з хорам у «казе» :). З НРМ, Вайцюшкевічам, Памідоравым, Кругловай, карацей, — з усімі нашымі слыннымі калядоўшчыкамі ды з падтрымкаю БелПі. Найдзіўнейшая магчымасць разгледзець свет па-за сцэнаю і ягоных жыхароў! Уражанняў старчыла надоўга. Прытым, узаемна (нават невядома, хто каго больш уразіў). Здаецца, тады яшчэ Лявон з Пітам заляцаліся да нашага дырыжора — зрабіць нешта супольнае, пазаймацца вакалам… Але не давялося.
Валера ўжо даўно кіруе «Беларусамі» (арт-група :)), ну, а Паўлаў з Вольскім, думаю, і так добра пачуваюцца.
Я ж чакаю новых цудаў на Каляды. І зорка ветліва ўсміхаецца мне ў акенца.